“Кірмаш праектаў” для культуры адбудзецца ў Гародні.
“Кірмаш праектаў”, заснаваны ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, хутка прыедзе ў Гародню. Шукаюцца ідэі, здольныя зрабіць мясцовае культурнае жыццё больш цікавым, змястоўным і запатрабаваным!
“Кірмаш праектаў” – гэта пляцоўка для грамадскага абмеркавання ў фармаце lightning talk (“маланкавая размова”) культурніцкіх прапаноў, якім неабходна падтрымка ў канцэптуальнай дапрацоўцы, арганізацыі, пошуку самых розных рэсурсаў і партнёраў. Калі Вы ведаеце, чаго бракуе ў культурным жыцці Вашага горада і вобласці, можаце аформіць свае думкі канструктыўна і перспектыўна, і больш таго – прадставіць праектную ідэю на суд неабыякавай публікі, запрашаем Вас да ўдзелу ў “Кірмашы праектаў”, які адбудзецца ўжо ў красавіку гэтага года!