Рэжысёр – Міхаіл Лашыцкі
Прадзюсар – Андрэй Чорны
«Тэатр Ч» прадстаўляе прэм'еру вострай музычнай камедыі пра вайну!

Праз амаль 40 гадоў зноў на беларускай сцэне «Матухна Кураж і яе дзеці», адна з самых знакавых п'ес нямецкага драматурга Бертольта Брэхта.
Працягваючы лінію сацыяльна значных пастановак, «Тэатр Ч» на гэты раз запрашае вас на спектакль, які дазволіць праз люстэрка мастацтва асцярожна зазірнуць у рэчаіснасць і пабачыць, што там адбываецца на самой справе.
П’еса, напісаная напярэдадні Другой сусветнай вайны пра дзеянні падчас Трыццацігадовай вайны у Германіі (1618-1648), валодае асаблівай універсальнасцю і, на жаль, усё той жа актуальнасцю, як гады і стагоддзі таму. І зноў «вайна за веру» апыняецца полем вялікай камерцыі, і зноў высокія чалавечыя ідэялы дасягаюцца самымі бесчалавечымі ўчынкамі. І зноў вайна вядзе да нацыянальнай катастрофы, дзе няма і не можа быць пераможцаў...
Пастаноўку спектакля, а таксама яго візуальнае вырашэнне ажыццявіць Міхаіл Лашыцкі. Вядомы як рэжысёр з асаблівым тэатральным бачаннем, з арыгінальным густам і еўрапейскім падыходам, ён не так часта радуе беларускага гледача сваімі працамі. Ці варта казаць, што гэты спектакль абяцае стаць сапраўднай падзеяй у тэатральным жыцці Мінска?!
У творчай камандзе – выдатны акцёрскі склад : Святлана Анікей, Алена Сідарава, Надзея Анцыповіч, Алеся Самахавец, Дзмітрый Тумас, Геннадзь Гаранскі, Валерый Кандрацьеў, Алесь Аўчыннікаў, Анатоль Голуб, Аляксандр Бранкевіч, Дзмітрый Есяневіч, Алена Зуй-Вайціхоўская, Геннадзь Гатоўчыц, Алена Мазгова, Анастасія Шпакоўская, Андрэй Саўчанка, Міхаіл Есьман, Іван Трус, Сяргей Тоўсцікаў, Вольга Курэйчык.
Але адным з галоўных дзеючых асоб стане... музыка! Жывая, аўтарская ў выкананні гуртоў “ili-ili” і “NAKA”.
Для даведкі:
“Тэатр Ч” заснаваны ў 2013 годзе як вольная прастора для рэалізацыі смелых творчых амбіцый і для падтрымкі таленавітых рэжысёраў і акцёраў. Выкарыстоўваючы новыя формы работы і стварая актуальныя і запатрабаваныя пастаноўкі, тэатр імкнецца не толькі змяніць сітуацыю ў беларускай мастацкай сферы, але і ўплываць на культурнае адукацыю гледачоў. Першым, але не менш паспяховым вопытам стаў спектакль “Дзяды”, сучасная інтэрпрэтацыя класічнай паэмы Адама Міцкевіча ў пастаноўцы Рамуне Кудзманайтэ (Літва).