Кожны год у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрываецца пасхальная выстаўка. Працягваючы гэту традыцыю, 1 красавіка ў малой выставачнай зале музея пачала работу выстаўка “Сонца Вялікадня”, на якой прадстаўлены прадметы не толькі з фондаў музея, але і са збораў касцёла Звеставання ў Гродна былога кляштара Св. Брыгіты. Упершыню экспануецца ўнікальны абраз ХVІІ ст. “З’яўленне Святой Троіцы і Святой Сям’і з адзнакамі пакутаў Ісуса”, святочнае светлае аблачэнне каталіцкага святара і дыякана сяр. ХІХ ст. з залатным шыццём, колер якога сімвалізуе радасць і трыумф, адпавядае асаблівай урачыстасці пасхальнага богаслужэння.

На выстаўцы свята адлюстравана рознымі відамі мастацтваў: абразамі, вышыўкай, гравюрамі, скульптурай. Галоўнае месца займаюць абразы “Сашэсце ў пекла – Уваскрэсенне”, “Уваскрэсенне”. Сашэсце Ісуса Хрыста ў пекла ў евангелістаў не апісваецца, існуюць толькі асобныя ўзгадванні аб Яго знаходжанні там, таму іконы “Сашэсце ў пекла – Уваскрэсенне” належаць да сімвалічных выяў. Распаўсюджаны і сюжэты заходняга паходжання – Хрыстос выходзіць з пячоры ці ўзнімаецца з разбуранай труны, побач знаходзяцца анёлы, воіны падаюць на зямлю або разбягаюцца.

Асвятляюцца і народныя традыцыі, звязаныя са святкаваннем Вялікадня, якія маюць даўнюю гісторыю. Гэта і фарбаванне яек, і выпяканне пірага, і велікодныя гульні, і віншаванні святочнымі паштоўкамі. На выстаўцы можна ўбачыць бабачнік для пасхальнага пірага, форму для Пасхі тварожнай, пісанкі, драпанкі, жолаб для катання яек, паштоўкі.

Выстаўка працуе да сярэдзіны мая 2015 года.