“Творчы свет” – гэта справаздачная выстава народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт”, якое больш за 20 гадоў аб’ядноўвае каля 200 таленавітых людзей.

Жывапіс, бацік, вырабы з саломы і лазы, вышыўка, разьба па дрэве, кераміка, кавальства, апрацоўка скуры, шапавальства, бісерапляценне, бондарства, фларыстыка і шмат іншых накірункаў мастацтва, якія прадставілі на выставе 120 майстроў і мастакоў. З натхненнем і майстэрствам зрабілі аўтары каля 300 творчых прац.

Важна, што сярод удзельнікаў ёсць як даўно вядомыя – народны майстар Рэспублікі Беларусь Дамініка Кавалёнак (фларыстыка), народны майстар Рэспублікі Беларусь Міхаіл Кукса (бондарства), уладальнікі абласной прэміі А.І.Дубко: Валянціна Краўчук (саломапляценне), Валянціна Брысач (жывапіс), так і новыя імёны тых гродзенцаў, якія толькі спасцігаюць асновы майстэрства.

З асаблівым гонарам на выставе прадстаўлены велікодныя вербы, выраб якіх у 2014 годзе быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Усе выстаўленыя работы зроблены сваімі рукамі, а таму унікальны і непаўторны. Выстава “Творчы свет” не пакіне абыякавымі наведвальнікаў і прыцягне іх увагу да шматграннага свету мастацтва.

Мы будзем рады бачыць Вас у ліку нашых гасцей!