У Гродне адкрыецца выстава «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай...»

 

27 кастрычніка а 16 гадзіне ў «Цэнтры гарадскога жыцця» (г. Гродна, вул. Кірава, д. 3) адкрыецца выстава «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай...», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння скрыпача.

На ёй будуць прадстаўленыя раней невядомыя матэрыялы пра жыццё музыканта.

Экспазіцыя:
Фотаздымкі з архіваў сваякоў, сяброў і калег музыканта. На іх можна ўбачыць, як Станіслаў Маленчык грае ў розныя перыяды жыцця, а таксама — як музыканты суправаджалі вяселле, у якія строі былі ўбраныя маладыя і госці.
Відэа- і аўдыязапісы 1990-х гадоў, дзе Маленчык грае на скрыпцы, а таксама матэрыялы, што не ўвайшлі ў знакаміты фільм 1994 года «Грай, скрыпка, грай...», прысвечаны скрыпачу.
Успаміны пра Маленчыка, сабраныя падчас паездкі на яго малую радзіму ў Шчучынскі раён, а таксама ў Гродне.

 

Матэрыялы экспазіцыі, а таксама звесткі, што не ўвайшлі ў яе, прысвечаныя Станіславу Маленчыку, у будучыні плануюць выдаць на дыску.

Выставу зладзілі ініцыятар гродзенскага сацыяльнага праекта «Танцы гарадзенскіх дворыкаў» Андрэй Бароўскі і прадстаўнік мінскага Клуба традыцыйнага танца «СІТА» Аляксей Крукоўскі.

На выставе прадстаўленыя копіі здымкаў з сямейных архіваў Соф'і Рудзік (Маленчык), Ірэны Бяляўскай (Маленчык), Генавэфы Паўлюкевіч (Маленчык), Галіны Гасевіч (Валчок), Вандаліна Шанцілы і Генадзя Панова.

У стварэнні выставы дапамагалі Арцём Цераховіч, Алег Зубараў, Аляксандра Сайкоўская, Ягор Кісялевіч, Аляксандр Мілоста, Юры Дзяргаўка.

Арганізатары чакаюць на выставе старэйшых людзей, якія памятаюць Станіслава Маленчыка і могуць падзяліцца ўспамінамі пра яго.

 

Уваход вольны.

Выстава будзе дзейнічаць да 4 лістапада.

Станіслаў Маленчык нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняга Шчучынскага раёна ў 1928 годзе. Па меркаванні даследчыкаў, ён уваходзіў у пяцёрку лепшых вясковых скрыпачоў свайго часу: паводле багацця рэпертуару, культуры выкання і з-за сваёй імправізатарскай схільнасці.  Ён быў адным з самых запатрабаваных вясельных музыкаў.

Станіслаў з дзяцінства кепска бачыў, але гэта кампенсаваў абсалютны слых. Раз пачутую недзе мелодыю ён запамінаў і мог зайграць сам. Музыка-самавук стаў прафесійным музыкантам. Ён граў на некалькіх інструментах: скрыпцы, акардэоне, гітары, мандаліне, губных гармонічках.

Граў на вяселлях, хрысцінах, праводзінах, пазней — на фестывалях. Напрыканцы жыцця прыходзіў граць на шчучынскі аўтавакзал.

Станіслаў Маленчык пайшоў з жыцця 6 жніўня 2007 года. Пахаваны на шчучынскіх могілках.

 

Дзе: г. Гродна, вул. Кірава, 3

Калі: 27.10.2018, 16:00 — адкрыццё выставы, 20:00 — ноч танцаў

 

https://vk.com/smalenczyk

https://vk.com/tancy_dworykau

https://vk.com/event154627636

https://www.facebook.com/events/298930150592986

https://ok.ru/tancydworykau