З 17 красавіка ў Цэнтры спадчыны (Гродна, вул. Рэйманта, 12) будзе прадстаўлена выстаўка работ “Колер і рытм” у тэхніцы лапікавага шыцця (лоскутное шитьё, пэчворк).

Лапікавае шыццё – старажытнейшае рамяство ў многіх краінах свету. Пачыналася яно з умення жанчын з небагатых сем’яў стварыць з фрагментаў адслужыўшых сваё тканін патрэбную ў гаспадарцы рэч: хвартух, дзіцячую кашулю, посцілку, торбу, ляльку.

З цягам часу гэтае рамяство набыло велізарную папулярнасць, і зараз у тэхніцы лапікавага шыцця майстры вырабляюць адмысловыя дызайнерскія рэчы: сумкі, карціны, адзенне, упрыгожанні, галаўныя ўборы, інтэр’ерныя прадметы, прычым у ход ідуць не толькі простыя тканіны (паркаль, палатно, джынс, сінтэтыка), але і аксаміт, шоўк, парча, карункі.

На выстаўцы будуць прадстаўлены работы гродзенскіх і мінскіх майстроў.

Наведаць выстаўку, а таксама азнаёміцца з экспазіцыяй Цэнтра спадчыны можна з 8.30 да 17.00 у рабочыя дні; наведаць установу ў святочныя і выхадныя дні можна па папярэдняй замове па тэлефонах: 68 38 20; 68 38 23.