26 кастрычніка – 10 снежня 2017 г. у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі экспануецца міжнародная выстава са збораў Шаўляйскага музея “Аўшрос” – “Антанас Рымавічус: Богу і чалавеку”.

На выставе прадстаўлена 55 разьбяных вырабаў з дрэва літоўскага ксяндза Антанаса Рымавічуса (1865–1933) – круглая драўляная скульптура і барэльефы. Гэта творы рэлігійнай тэматыкі: фігуры розных іконаграфічных тыпаў Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых і царкоўных дзеячоў, а таксама евангельскія сцэны “Тайная вячэра” і “Малітва на Аліўкавай гары”.

А. Рымавічус – адзіны вядомы літоўскі святар-скульптар. Ён ніколі прафесійна не вывучаў мастацтва, але навучаўся з народнага досведу, быў разьбяром-самавукам. Значны ўплыў на яго творчасць аказала скульптура барока, якая шырока прадстаўлена ў касцёлах Літвы і Беларусі. Па гэтых узорах ён самастойна вывучаў дрэва як матэрыял, практыкаваўся ў складанні кампазіцыі і мадэляванні фігуры.

Пластычныя творы ксяндза В. Рымавічуса – своеасаблівае стылістычнае звяно паміж афіцыйнай царкоўнай і традыцыйнай літоўскай скульптурай. Шмат у чым яны вельмі блізкія і для мастацтва традыцыйнай беларускай скульптуры.

У рамках выстаўкі адбудзецца адкрытая лекцыя рэстаўратара Уладзіміра Кіслага, які распавядзе пра асаблівасці аднаўлення драўлянай скульптуры.