З 14 лістапада па 15 снежня 2017 г. у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі будзе экспанавацца выстава "Літва. Нацыянальныя касцюмы. Гарадзішчы ў фатаграфіях". На выставе будуць прадстаўлены працы вядомага літоўскага фатографа, мастака FIAP Альбертаса Швенчыёніса – больш за 20 фатаграфій старажытных гарадзішчаў. На літоўскай зямлі захавалася каля 900 гарадзішчаў, датаваных перыядам ад эпохі бронзы да XIII – XIV стст. Унікальныя гарадзішчы – створаныя ў старажытнасці абарончыя ўмацаванні – культурна-гістарычная спадчына і гонар Літвы.

2017 год у Літоўскай Рэспубліцы абвешчаны годам гарадзішчаў. Сёлета жыхары Літвы правялі ў інтэрнэце галасаванне за найпрыгажэйшае гарадзішча на ахоўваемых тэрыторыях краіны.

Адно з самых вядомых гарадзішчаў знаходзіцца ў Кернаве, першай сталіцы Літвы. Менавіта гэта гарадзішча па выніках галасавання заняло 1 месца, на другім – гарадзішча Шатрыя, на трэцім – Меркіне. Фатаграфіі гэтых і іншых выдатных помнікаў Літвы наведвальнікі музея могуць убачыць на нашай выставе.

Гарадзенцы і госці горада змогуць таксама пазнаёміцца з мастацтвам традыцыйнага літоўскага касцюма. Сёння нацыянальны касцюм з'яўляецца важным сімвалам нацыі, доказам майстэрства нашых продкаў, адлюстраваннем іх успрымання прыгажосці. На выставе будуць прадстаўлены нацыянальныя касцюмы (паўсядзённае і святочнае жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне) пяці этнаграфічных рэгіёнаў Літвы: Аукштайціі, Жамойтыі, Сувалкіі, Дзукіі і, так званай, Малой Літвы (Клайпедскі раён).

Літоўскія жанчыны са старажытных часоў былі вядомыя як выдатныя ткачыхі. Вытканыя імі з лёну і воўны мужчынскія і жаночыя кашулі, спадніцы, паясы, фартухі, намёткі і іншыя элементы літоўскага народнага касцюма – адрозніваюцца прыгажосцю і арыгінальнасцю. Вырабы дэкаравалі вышыўкай нацыянальным арнаментам, галоўным чынам геаметрычным. Больш за ўсё была папулярная клетка, крыжы і палосы. Каляровая гама была пабудавана на кантрасце. Чырвоны і зялёны, памяранцавы і сіні, жоўты і фіялетавы, а таксама чорны і белы, з'яўляліся асноўнымі колерамі літоўскага народнага касцюма.

Традыцыйны жаночы касцюм усіх пяці этнаграфічных рэгіёнаў Літвы складаўся з белай кашулі з доўгімі рукавамі,безрукаўкі, доўгай шырокай і яркай спадніцы і фартуха. Дзяўчыны ўпрыгожвалі свае галовы вянкамі ці каронамі са стужкамі. Замужнія жанчыны насілі белыя льняныя хусткі і намёткі. Жанчыны ўсіх узростаў у Літве любілі насіць бурштынавыя ўпрыгожванні. Рэгіянальныя адрозненні ў кроі адзення, колеры, арнаменце, спосабе нашэння асобных дэталяў, упрыгожванняў і іншых аксэсуараў пяці этнаграфічных раёнаў Літвы гарадзенцы і госці гарады змогуць убачыць наведаўшы выставу "Літва. Нацыянальныя касцюмы. Гарадзішчы ў фатаграфіях”.