5 верасня ў этнакраме "Цудоўня" (Гародня) гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч прэзентуе новую кнігу "Чужы сярод чужых", прысвечаную "бацьку беларускіх паланафілаў" – Паўлу Алексюку. 

Цяжка ўзгадаць сярод дзеячаў беларускага руху асобу больш непрывабную, чым Павел Аляксюк. “Бацька беларускіх паланафілаў” – так яго ахрысцілі ў міжваенным друку за арыентацыю на польскую дзяржаву. Гэта той даволі рэдкі ў нашай гісторыі выпадак, калі ў ацэнцы адной і той жа постаці – ацэнцы, дарэчы, глыбока негатыўнай, – былі згодныя як апалагеты беларускай справы, гэтак і эпігоны беларускасці.

Разам з тым, П. Аляксюк быў адным з найбольш актыўных беларускіх палітыкаў пачатку 1920-х гадоў. Ягоная дзейнасць з‘яўлялася вынікам не толькі авантурнага складу характару самой асобы, аднак і тых канкрэтных умоў, у якіх адбывалася станаўленне беларускага нацыянальнага руху. Ён з’яўляўся рэдкім прыкладам прагматыка, што “дзейнічаючы на карысць незалежнасці Беларусі, кожны раз выбіраў аптымальны варыянт выхаду з наяўнай сітуацыі”.

На прэзентацыі можна будзе задаць аўтару пытанні, падыскутаваць, а таксама набыць кнігу па спецыяльным кошце і атрымаць аўтограф аўтара.

Уваход вольны.