Калі Уладзіслаў Галубок і яго п'есы добра знаёмыя беларускім гледачам, то прозвішча Чужыніна яны, бадай, чуюць упершыню. Хіба што пра гэтага ўкраінскага драматурга ведаюць даследчыкі тэатральнага мастацтва. Ягоны жарт у адным акце "Пярэстая красуля" на беларускай мове друкаваўся нашымі суайчыннікамі ў "Зборніку сцэнічных твораў" у 1957 годзе ў Беластоку. Вясёлы сцэнічны жарт Чужыніна пра старога Мешчаніна, яго дачку Барбару, яе жаніха Тобі і гандляра Марганчыка слонімскія акцёры разыгралі з непрыхаваным імпэтам і мноствам бліскучых творчых знаходак. У другой дзеі іхнюю "эстафету" падтрымала гісторыя заляцанняў Дзяка да Пісарыхі з галубкоўскіх "Пісаравых імянін". Рэжысёр Васіль Сявец увёў у пастаноўку і новую гераіню, якой няма ні ў "Пярэстай красулі", ні ў "Пісаравых імянінах". Гэта простая вясковая жанчына, якая перад спектаклем і паміж дзеямі выбягае да гледачоў ды распавядае ўсе навіны, што адбываюцца на белым свеце, быццам бы "папярэджваючы" наступныя сцэнічныя гісторыі. У пастаноўцы шмат танцаў, музыкі, жартаў. І, думаецца, слонімскія гледачы - прыхільнікі свайго, беларускага, роднага, вясёлага - са шчырай асалодай прымуць новы спектакль.