Прэзентацыя кнігі “Літва–Беларусь. Гістарычныя выведы” (Язэп Лёсік).
Бяруць удзел Зьміцер Санько і Алесь Жлутка (Мінск)

Этнакрама “Цудоўня” і  выдавецтва “Тэхналогія” запрашаюць на прэзентацыю кнігі “Літва–Беларусь. Гістарычныя выведы” (аўтар Язэп Лёсік, укладальнік Зьміцер Санько, аўтар пасляслоўя Алесь Жлутка). Кніга прысвечаная гісторыі этноніма “літва”  і пытанню этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвіноў. Пасляслоўе, напісанае гісторыкам-медыявістам Алесем Жлуткам, змяшчае крытычны агляд розных версій – ад сярэднявечных да сучасных, што спрабуюць развязаць гэтую загадку. У дадатку – артыкул Я. Люціча-Воўка 1949 г., які наўпрост датычыць тэмы Лёсікавай працы.

У прэзентацыі бяруць удзел кандыдат гістарычных навук Алесь Жлутка, выдавец Зьміцер Санько.

В.Траецкая 14 (этнакрама “Цудоўня”)
15 сакавіка – 19.00

Акадэмік Язэп Лёсік вядомы як славуты мовазнавец, аўтар шматлікіх падручнікаў беларускай мовы, адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 года. Але мала хто ведае, што ён яшчэ і аўтар шэрагу публікацый з гісторыі Беларусі. Адзін з такіх артыкулаў Я.Лёсіка – “Літва–Беларусь”. Упершыню ён быў надрукаваны ў 1921 годзе.

Пачатковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, этнічная прыналежнасць старажытных ліцьвіноў, паходжанне самога наймення “Літва” цікавяць апошнім часам не толькі даследнікаў, але і вялікае кола аматараў айчыннай гісторыі. Жаданне азнаёміць з гэтай працай шырэйшую аўдыторыю і спрычынілася да выдання яе асобнай кніжкай.

Пра выступоўцаў:

Алесь Жлутка – даследнік гісторыі Сярэднявечча, класічны філолаг.

Навуковыя зацікаўленні скіраваныя на вывучэнне гісторыі ранняга хрысціянства ў Беларусі, дачыненняў нашых продкаў з заходнеславянскім светам, беларускай анамастыкі, а таксама сярэднявечнага лацінскага пісьменства, палеаграфіі, дыпламатыкі і археаграфіі.

Найбольш важныя публікацыі лацінскіх крыніц: “Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў” (Менск, 1988); “Апісанне земляў. З Дублінскага рукапісу” (Менск, 1993); “Славенская граматыка” Івана Ужэвіча (Менск, 1996); “Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях” (Менск, 2005). Пераклаў на беларускую мову творы Эзопа і Гарацыя, Аўрэлія Аўгустына і Тамаша Аквінскага, беларускіх лацінамоўных паэтаў Міхала Карыцкага і Францішка Князьніна.

Аўтар працаў “Імёны эліты Каралеўства Літвы і Вялікага Княства Літоўскага XIII–XIV стст. у сьвятле сучасных анамастычных дасьледаваньняў” (Менск, 2009), “Да пытання аб месцы каранацыі Міндава і сядзібе першага біскупа Літвы” (Наваградак, 2010), “Лацінска-беларускі слоўнік актавай мовы Вялікага Княства Літоўскага XIII–XVIII стст.” (Менск, 2011), “Лацінская актавая палеаграфія” (Менск, 2015).

Лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі (2009).

 

Зьміцер Санько – папулярызатар айчыннай гісторыі, мовазнавец, выдавец.

Аўтар ідэі і адзін з укладальнікаў кнігі “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” (Менск, 1993, 2-е выд. – 1994), а таксама “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” (Вільня, 2002). Аўтар кніг “Асобы, якія тварылі гісторыю: Кароткі праваднік” (Вільня, 2011, 2-е выд. – Менск, 2015), “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” (Менск, 1991).

Укладальнік кніг “Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш.” Я. Станкевіча (пры ўчасьці Ант. Адамовіча) (Менск, 1992), “Русіфікацыя беларускай мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу” С. Станкевіча (Менск, 1994), “Літва–Беларусь: Гістарычныя выведы” Я. Лёсіка (Менск, 2016).

Выдавец факсіміле газет “Наша Доля” (1906 г.), “Наша Ніва” (1906–1915, 1920 гг.), “Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка” В. Ластоўскага (1924 г.) і серыі “Згукі мінуўшчыны” (1991–1995), галоўны рэдактар акадэмічнай серыі “Нашы славутыя землякі”, заснаванай у 1988 годзе.

Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны (1990), лаўрэат літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра (2011).

 

Падрабязнасці па тэлефоне (33) 6232616 Андрэй Несцяровіч, этнакрама “Цудоўня”

 

Даведка:
Этнакрама «Цудоўня» (Горадня) – рамесныя вырабы ў традыцыйным стылі, падарункі, сувеніры і прадметы побыту.