З 4 сакавіка ў Музеі гісторыі рэлігіі экспануецца выстава “Таямніцы інквізіцыі (прылады катаванняў)”.
Заснаваны ў 1215 г. Рымскім Папай Інакенціям III адмысловы царкоўны суд (трыбунал) пад назвай “інквізіцыя” (лац. inquisitio – “вышук”, “даследванне”), сваёй асноўнай задачай меў пошук і пакаранні ерэтыкоў – тых, хто аспрэчваў альбо сумняваўся ў сапраўднасці догматаў каталіцкай царквы. Да канца XIII ст. уся Еўропа пакрылася густой сеткай інквізіцыйных трыбуналаў рымска-каталіцкай царквы. Некаторыя з іх праіснавалі да 1-й паловы ХІХ ст.
Iнквізіцыі былі ўласцівы наступныя метады: паслугі даношчыкаў, патаемнае следства, ужыванне катаванняў, распаўсюд асуджэння на сваякоў. У якасці пакаранняў выкарыстоўвалася: канфіскацыя маёмасці асуджаных, нашэнне масак і адзення ганьбы, бічаванне, турэмнае зняволенне, епіціміі (чытанне псалмоў, малітваў, пост, рэгулярную споведзь, пілігрымкі ці адлучэнне ад царквы). Смяротных прыгавораў інквізіцыя не выносіла – царква не павінна праліваць кроў. Пакаранне ерэтыкоў смерцю было ўстаноўлена свецкім правам. Аднак, нельга адмаўляць таго факту, што інквізіцыя забірала чалавечыя жыцці і аддала вогнішчу кастроў не адну тысячу абвінавачаных ў ерасі.
У XV ст. у гісторыі інквізіцыі пачынаецца новы этап – пераследаванне ведзьмаў (так званыя ведаўскія працэсы).
Інквізіцыя пільна сачыла за развіццём мастацва і навукі, якія павінны былі строга адпавядаць патрабаванням веры. У 1599 г. інквізіцыяй быў заснаваны “Індэкс забароненых кніг”. Пад забарону папалі многія творы, якія сёння лічацца шэдэўрамі сусветнай культуры. Сярод забароненых аўтараў былі Эразм Ратэрдамскі, Дантэ Аліг’еры, Вальтэр, Даніэль Дэфо, Капернік, Джардана Бруна, Галілеа Галілей, Анарэ дэ Бальзак.
Працэсы інквізіцыі былі недасканалымі, часта несправядлівымі і жорсткімі, якімі яны былі і ў іншых працэсуальных сістэмах сярэднявечча. Карані інквізіцыі не належыць шукаць выключна ў рэлігійным духу. Інквізіцыя аказалася непарыўна пераплеценай, узаемазвязанай з гісторыяй тагачаснага грамадства, была тыповым дзіцем свайго цёмнага, лютага часу.
12 сакавіка 2000 г. у Ватыканскай базыліцы Святога Пятра адбылася ўнікальная гістарычная падзея – Папа Рымскі Ян Павел ІІ, стоячы на каленях, прасіў прабачэння ў Бога і чалавецтва за грахі, якія касцёл учыніў на працягу сваёй гісторыі. «Дзень прабачэння» стаў адной з самых яскравых і важных падзей часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ і усёй гісторыі касцёла.
На землях Вялікага княства Літоўскага інквізіцыя дзейнічала ў асноўным пад кантролем дзяржавы і не набыла асабліва значных маштабаў.
Выстава знаёміць з сутнасцю інквізіцыі і асаблівасцямі інквізацыйных сістэм некаторых еўрапейскіх краін. Увазе наведвальнікаў – рэканструяваныя прылады катаванняў і пакаранняў, вырабленыя майстрам даспешных спраў Сяргеям Фазілавічам Нурматавым (г. Магілёў). Работы С.Ф. Нурматава экспанаваліся ў музеях Польшчы, Расіі і Беларусі. Прылады для ламання костак канечнасцей, пазваночніка, маскі ганьбы і пакаранняў, металічныя паясы, нагалоўнікі – прыклады вялікай разнастайнасці сістэм прымушэнняў “святой” інквізіцыі дзеля выбіцця прызнання ў абвінавачаных у ерасі.

 

Выстаўка “Таямніцы інквізіцыі” працуе з 4 сакавіка па 29 мая 2016 г.

Кошт уваходных квіткоў: школьнікі – 20000 рублёў, студэнты – 40000 рублёў, студэнты сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў – 35000 рублёў, дарослыя – 60000 рублёў.

Экскурсійнае абслугоўванне – 80000 рублёў (група да 25 чалавек).

Выстаўка працуе кожны дзень з 10 да 18 гадзін (каса працуе да 17.30).

Кантактныя тэлефоны – 74-02-72, 74-48-89.