Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, сябра “Беларускага саюза мастакоў”, стыпендыятка “Вольнага даследавання” пры Акадэмii мастацтваў г. Каррара (Iталія), яна з’яўляецца ўдзельніцай больш за 40 персанальных і групавых выстаў, у тым ліку і міжнародных. Кацярына Сумарава, мастачка з выразна акрэсленай творчай пазіцыяй, прапануе гледачам праз свае беспрадметныя жывапісныя палотны прыняць удзел у своеасаблівым эмацыянальным дыялогу, пагрузіцца ў таямніцы чалавечай падсвядомасці.

Творы мастачкі знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (г. Мінск), Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыка (г. Орша), прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Украіне, Германіі, Галандыі, Літве, Італіі, Японіі, Іране, ААЭ, ЗША, Канадзе.