Тэатр лялек «Лямцавая батлейка» запрашае дзяцей і дарослых на імпрэзу, якая адбудзецца 27 кастрычніка ў 12.00 у Гродна, у дзіцячай бібліятэцы № 6 на пр. Касманаўтаў, 4 а.

Вас чакаюць тэатралізаваныя чытанні паводле «Суперкнігі пра Біла з Болаю» шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм, а дапаможа ў гэтым лялечны тэатрык «Лямцавая батлейка» (г. Мінск).

Унікальная дзіцячая СУПЕРКНІГА выйшла напрыканцы 2017 года ў выдавецтве «Кнігазбор». У кніжцы проста і нязмушана распавядаецца гісторыя сям’і, у якой нараджаецца і выхоўваецца незвычайная дзяўчынка Бола. Гэтую аўтабіяграфічную гісторыю пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а таленавіты беларускі паэт Андрэй Хадановіч геніяльна завершаваў словы.

Гуніла Бэргстрэм нездарма пачала размову пра асаблівых дзяцей — у яе малодшай дачкі аўтызм. Першая кніга «Прыгоды Біла і Болы: вершыкі ды прыколы» выйшла ў 1978 годзе, у 1979 годзе пабачыў свет працяг — «Пра Болу і ейнага брата: бязглузда і глуздавата». А ў 2007 годзе з’явілася «Суперкніга пра Біла з Болаю: (Біл разумны, а Бола вясёлая)», якая складалася з дзвюх папярэдніх кніг пра Біла і яго сястру.

«Суперкніга пра Біла з Болаю: (Біл разумны, а Бола вясёлая)» — добрая нагода пачаць размову на тэму іншасці як у дзіцячым асяроддзі, так і ў дарослым.

Імпрэза адбудзецца 27 кастрычніка ў 12.00 у дзіцячай бібліятэцы № 6 па адрасе: пр. Касманаўтаў, 4 а. Уваход вольны.